К основному контенту

Пра родную мову.


21 лютага – Дзень роднай мовы. Добрая нагода для кожнага задумацца: якая яна, мая родная мова? Што яна для мяне? І што я для яе?
Пытанне складанае. Але раней ці пазней трэба вызначацца. «Раней» -- ужо спазніўся. Застаецца «пазней» -- усё ж лепш, чым ніколі.
 Руская альбо беларуская? «Наркомаўка» альбо «трасянка»? Тут, як звычайна, лепш відаць збоку. Калі ж спасылацца на ўласнае адчуванне, дык ні тая, ні іншая. Чаму? Таму, што само пытанне некарэктнае. Яно празмерна палітызаванае і адлюстравана ў чорна-белым спектры. Альбо – альбо, «хто не з намі, той супраць нас», і г. д.
Калі мне прапануюць вызначыцца менавіта ў такім дыяпазоне, я без хістанняў адказваю: родная – руская. І ў той жа час мая радзіма – Беларусь. І сам я беларус, нягледзячы на запіс у пашпарце.
І што ж атрымліваецца ў выніку? Нейкая бессэнсоўнасць? Не! У выніку – рэчаіснасць, якая заўсёды багацейшая за палітызаваныя схемы. Таму што пытанне аб роднай мове – перш за ўсё маральнае, культурна-этнаграфічнае, гістарычнае.. Нарэшце, сацыяльна-псіхалагічнае. І толькі ў апошнюю чаргу – палітычнае.
«Родная» ў першасным – літаральным сэнсе слова – гэта мова бацькоў. А яшчэ дакладней – матчына мова. Для мяне гэта – руская мова. А якая руская? Мова смалян, валжан, ці данскіх казакоў? Альбо літаратурная – мова Пушкіна...
Мова маці – гэта мова карэнных вяцічаў з сучаснай Кіраўскай вобласці.
Яшчэ ў ваеннае ліхалецце на Ленінградскім фронце сустрэлася маці з бацькам, а пасля Перамогі прыехала з ім у Беларусь і засталася тут на ўсё жыццё. Больш за паўвека пражыла яна на Палессі, засвоіла мясцовую гаворку, але тутэйшыя, калі чулі яе ўпершыню, заўсёды здзіўляліся яе вымаўленню.
Не кажучы ўжо пра выслоўі, прымаўкі, што назаўсёды засталіся свае, вяцкія. «Миска отрубей не отстанет от людей!» -- было яе любімым выслоўем. Натура «вятского водохлёба», як называлі сябе яе землякі з-за прыхільнасці да талакна (мука з падсмажанага аўса, разведзеная з вадою) заставалася з ёю назаўсёды.
Зразумела, што намі, дзецьмі, матчыны схільнасці і звычкі засвойваліся непрыкметна , але вельмі трывала. Перш за ўсё гэта датычыцца мовы.
Бацька – карэнны беларус з самай глыбі Палесся – з Тураўшчыны, з Прыпяці. Але калі нехта думае, што палешукі і есць носьбіты сапраўднай беларускай мовы, ён глыбока памыляецца. Тут дарэчы было б даць слова спецыялістам – філолагам, фалькларыстам, якія б здолелі дасведчана распавядаць аб асаблівасцях розных дыялектаў беларускай мовы.
Між іншым, мясцовыя дыялекты – справа звычайная для любой мовы. Беларуская – не выключэнне. Але ёсць і некалькі асаблівасцей, якія вылучаюць беларускую сярод іншых славянскіх моваў. Па-першае, яе архаічнасць, найбольшая блізкасць да стараславянскіх першакрыніц. Па-другое, незавершанасць фарміравання беларускай нацыі, што звязана з асаблівасцямі станаўлення беларускай дзяржаўнасці – з аднаго боку, і адсутнасцю развітых эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі, агульнанацыянальнага рынку – з другога.
Але ўсе гэтыя адметнаці ў найбольшай ступені характэрныя якраз для Палесся. Былое дагістарычнае «мора Герадота» пакінула свой след у выглядзе вялізнай Прыпяцкай нізіны. У гады майго дзяцінства гэтая прастора амаль па паўгода – вясной і восенню -- была пакрытая вадою ад разліву Прыпяці і яе прытокаў. На рэдкіх выспах паміж непраходных балот стаялі вёскі, якія больш шчадраваліся ад вады, чым ад зямлі. Вада жывіла людзей, але яна іх і падзяляла. Суседнія вёскі былі нібы суседнія краіны: розныя крыніцы харчавння, звычкі, абрады... І розныя «мовы». Не настолькі, каб наогул не разумець адно аднаго. Але дастаткова, каб адрозніваць «сваіх» ад «чужых». І адпаведна будаваць адносіны ў мясцовым асяроддзі.
«Чужым» доўгі час і быў бацька для тутэйшых у вёсцы, куды пасля дэмабілізацыі з войска быў накіраваны працаваць настаўнікам пачатковай школы. Мала таго, яшчэ й жонку з вайны прывёз «чужую» - рускую.
Нягледзячы на тое, што нарадзіўся ён усяго ў 3-х кіламетрах ад вёскі, дзе жыў і працаваў, спатрэбілася нямала гадоў, перш чым для мясцовых ён у пэўнай меры стаў «сваім». І адбылося гэта збольшага таму, што вырасла пакаленне яго вучняў, якія і ў дарослым жыцці памяталі і паважалі Алеся Васільевіча, што навучыў іх чытаць і пісаць.
Знешне адрозненне паміж прадстаўнікамі розных вёсак найбольш выразна адчувалася якраз у мове, у асаблівасцях гаворкі. Не аднойчы чуў, як дарагія аднавяскоўцы дражнілі, напрыклад, жыхароў Тураўскай стараны за іх вымаўленне -- «машок-вароўка» (мяшок, вяроўка).
Цікава, што жыхары надпрыпяцкіх вёсак палешукамі сябе не лічылі. Палешукі, у іх уяўленні – гэта тыя, з лясной глыбінкі – з Лельчыцкага, Столінскага і іншых раёнаў Брэсцка-Гомельскага сумежжа. Яшчэ нядаўна, напярэдадні вайны, яно было і дзяржаўнай мяжой. І розніца ва ўсім – у гаспадарчым стане, у адзенні, у песнях, у гаворцы была вельмі значная.
Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якую нельга абыйсці ў размове аб роднай мове аўтара. Гэта – Тураўскі леспрамгас (скарочана – ЛПГ). На час майго дзяцінства гэта было буйнейшае лесанарыхтоўчае прадпрыемства не толькі ў Гомельскай вобласці, але і ў Беларусі. Створаны ЛПГ быў пасля вайны па планах адраджэння разбуранай Беларусі. Будавалі яго большай часткай прыезджыя з Расіі. Кіраўніцтва прадпрыемствам, усе спецыялісты, большасць рабочых былі рускамоўныя.
Зразумела, рускай была і сярэдняя школа ў рабочым пасёлку ЛПГ, што знаходзіўся ўсяго ў паўтара кіламетрах ад роднай вёскі. І называўся ён аднолькава з вёскай – Хваенск. Там я вучыўся з 5 да 11 класа.
Руская школа ў сельскай мясцовасці ў 50-60 гады была вялікай рэдкасцю. Нават у Тураве, які тады быў райцэнтрам, было 2 школы – руская і беларуская. Праўду кажучы, руская была вялікая, тыповая, а беларуская – невялічкая, ў старым драўляным будынку, і колькасць вучняў у ёй пастаянна скарачалася.
Наша – Хваенская сярэдняя -- моцна адрознівалася ад вакольных школ. Асноўны кантынгент вучняў – дзеці рускамоўных работнікаў ЛПГ. Рускамоўныя былі і амаль усе настаўнікі.
Пасля 4-га класа ў школу прыходзіла пэўная колькасць вучняў з бліжэйшых вёсак, дзе працавалі пачатковыя беларускія школы. Зразумела, яны цяжка адаптаваліся ў незвычайным для сябе моўным асяроддзі. Звычайна яны ў класе адразу станавіліся аўтсайдэрамі ў вучобе і не толькі. Пакіданне на другі год у адным класе не было тады рэдкасцю, бо яшчэ не было не толькі абавязковага сярэдняга, але нават і 7-гадовага навучання. Менавіта «прышэльцы» з беларускамоўных вясковых школак найчасцей заставаліся на 2-гі, а часам і на 3-ці год. Такія наогул не дацягвалі да атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі. Па ўзросту яны ішлі працаваць у калгас, альбо пераходзілі вучыцца ў рамесныя школы і вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі. А там ужо неўзабаве іх чакаў вайсковы прызыў.
Пасля 7-га класа гэта сітуацыя зноў паўтаралася. У школу для працягу адукацыі прыходзілі выпускнікі навакольных 7-годак, таксама беларускамоўных. (Дзесьці ў пачатку 60-х гадоў школы перавялі на 8-гадовае і 11-гадовае навучанне).
Дзеці ёсць дзеці: паб'юцца – памірацца. Але часцей за ўсё пасялковыя і вясковыя трымаліся паасобку і сябравалі, звычайна, толькі ў сваім асяродку. Горш за ўсё, што падобную сітуацыю, хутчэй міжволі, чым мэтанакіравана, падтрымлівалі настаўнікі. Вось звычайная на той час карцінка. Нейкі зух з вясковых ля бачка з пітной вадой просіць: «Дай карэц!». Тут жа дзяжурны настўнік строга папраўляе: «Это неправильно, нужно говорить – кружка!».
Дзеці вельмі чуйна паўтаралі паводзіны дарослых. Пачуць пра ўрок беларускай мовы - «телячий язык» - было звычайнай справай. У гутарках паміж сабой вясковых наогул клікалі - «дзярэўня»...
Такі быў той фон, на якім фарміравалася стаўленне да роднай мовы ў маім канкрэтным выпадку. Можна лічыць яго нейкім асаблівым, анамальным. Але лічу, што ў кожным іншым выпадку таксама ёсць свае асаблівыя фактары, што ўздзейнічаюць на моўную сітуацыю, ствараючы перспектывы, альбо наадварот, абмяжоўваючы магчымаці развіцця беларускай мовы.
Галоўнае ж у тым, што нягледзячы на ўсе акалічнасці, мова існуе, развіваецца і, мяркуючы па ўсім, пашырае кола сваіх карыстальнікаў. Аснова працэса – дзяржава, якая імкнецца к самастойнасці, адчувае сваю патрэбу ў моўна-духоўным падмурку і сваю адказнасць за яго ўмацаванне.
Такія думкі ў Дзень роднай мовы «рускага беларуса», палешука з-пад Турава.

Уладзімір Верын (Якубоўскі).
Фото Сергея Плыткевича

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога

Туровский мост

В одну сторону. Фото с сайта onliner.by Вокруг Туровского моста сейчас много «художественного свиста» со стороны чиновников и околочиновничьей прессы. Особое восхищение вызывают заявления о том, что «ситуация под контролем». Она, что, и создавалась под вашим чутким руководством? Позвольте мне рассказать о том, что же происходило под этим контролем. Туровщина — моя малая Родина. На Припяти и ее старицах прошло мое детство. Если у отчего дома залезть на дерево повыше, то в ясную погоду можно увидеть тетиву моста. Правда, сейчас она опасно натянулась. Река, ее многочисленные притоки — Стырь, Случь, Птичь, Ствига, Лань, Горынь и другие всегда были источником жизни для населения края. Вдоль них протянулись линии человеческих судеб. Нынешняя авария Туровского моста наглядно показывает: то, что было главной артерией жизни, превратилось в препятствие, пересекло судьбы людей. Как и почему это произошло? Тот, кто помнит эти места хотя бы еще в 50 — 60-е годы прошлого стол...

НЛО в Могилеве.

(Миф о городском сердце). Зрелище было не для слабонервных. С крыльца педколледжа на площади Орджоникидзе в предрассветном тумане открывалась фантастическая картина. Яркое продолговатое пятно медленно передвигалось с востока на запад со стороны Днепра. Первой мыслью было: «Самолет?». Нет, скорость не та. «Вертолет?». Тоже непохоже — нет характерного стрекота. Неужели НЛО? Сознание сопротивлялось невероятной догадке, но декабрьская предрассветная мгла, размытые очертания «объекта» поддерживали первое впечатление. Лишь несколько мгновений спустя из тумана проступили ажурные конструкции строительного подъемного крана. Рядом другие краны — автомобильные. «Объект» оказался светящимся прожектором, который двигался вместе со стрелой крана. Исчезло очарование неизвестности. Вместо него появилось ощущение спокойствия и уверенности: идет стройка. Могилев продолжает разворачиваться лицом к Днепру. Значит, начатые ранее работы — не кампанейщина, не юбилейная конъюнктура, а последоват...

Социальный статус — пень. Круглый.

Фото с сайта www.dw.com Пень — это, в сокращении, пенсионер. Вообще-то пенсионером я стал около 10 лет назад. Но все это время был при деле. Сначала продолжал работать на прежнем месте — в СМИ. Затем неожиданно для работодателей, ближайшего окружения, да и самого себя бросил все и ушел преподавать в ВУЗ. В целом, глядя со стороны, в этом шаге нельзя было усмотреть ничего неожиданного. Ведь был же 12-летний опыт вузовской работы, ученая степень, некоторые контакты, а также нереализованные амбиции в образовательной сфере. С другой стороны, существовал и данный в свое время внутренний зарок: никогда больше не переступать порог высшей школы. Поначалу имелись в виду заведения государственные. Затем, когда словно грибы после дождя стали появляться ВУЗы приватные, это добровольное табу распространилось и на них. Так что, когда добрый знакомый профессор Ковалев настойчиво предлагал заманчивую должность своего заместителя в организованной им Коммерческой академии, все же смог удержа...